БЕЛ » Навіны » Кніга “Фрэскі”: падарожжа па Швецыі

Паэзія “ У каралеўскіх далонях”

У Вільнюсе 22 снежня адбылася прэзентацыя унікальнага чатырохмоўнага альманаху паэзіі “У каралеўскіх далонях” (“Karalių delnuose“). Змест гэтага мастацкага выдання склалі вершаваныя творы і пераклады, а таксама фотапрацы ўдзельнікаў творчага пленэру, які адбыўся напачатку чэрвеня ў літоўскіх Друскеніках. У гэтым годзе ў пленэры ўдзельнічалі чатыры краіны – Літва, Польшча, Украіна і Беларусь. Беларускі бок на паэтычным форуме прадстаўлялі Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Сяржук Сыс, Аксана Данільчык, а таксама перакладчык і музыкант Алесь Мікус. Прэзентацыі, што прайшла 22 снежня ў будынку Саюзу літоўскіх пісьменнікаў, папярэднічала фотавыстава з Друскенінскага пленэру. Далей

Baltija — 2008

Прыемным перадкалядным падарункам для паэтаў Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна стаў выхад у свет чарговага нумара літаратурна-культурніцкага альманаха “Baltija”. Гэта — выданне літоўскіх літаратараў Клайпеды. А ягоным рэдактарам з’яўляецца малады літоўскі паэт і перакладчык Дайніус Сабецкіс. Менавіта ў перакладах Дайніуса Сабецкіса і загучалі па-літоўску вершы беларускіх паэтаў. Далей

Літаратурная Беларусь №25

Літаратурныя навіны і падзеі Паэзія Сяржука Сыса Урывак новай аповесці Алеся Рыбака Вершы Міколы Трафімчука і Адама Шостака «Дыскурс»: абмеркаванне кнігі Валерыя Казакова «Цень гобліна» а таксама іншыя кніжныя навінкі Усе нумары › › ›

Дзеяслоў №36

Паэзію ў новым нумары “Дзеяслова” прадстаўляюць: Ніл Гілевіч. “Як Бог на небе…” Вершы розных гадоў; Віктар Ярац. “Зямля і неба”. Паэма і вершы; Сяржук Сыс. “Вецер з Балтыкі”. Вершы; Віктар Жыбуль. “Завугольле экзістэнцыі”. Вершы з кнігі «Стапэліі»; Аксана Спрынчан. “Цяжарнасьць і лёгкасьць Быцьця...” Вершы. Усе нумары › › ›

Кніга “Фрэскі”: падарожжа па Швецыі

Кнігу прозы беларускага пісьменніка Барыса Пятровіча “Фрэскі” (Fresker. Rámus förlag, Malmö, 2008) выдала ў Швецыі выдавецтва “Рамус”.  Такім чынам шведскі чытач атрымаў магчымасць азнаёміцца яшчэ з адным беларускім аўтарам. Дагэтуль тут выдаваліся кнігі  Васіля Быкава і Сьвятланы Алексіевіч (у перакладах з рускай мовы), Вальжыны Морт -- з ангельскай. “Фрэскі” -- першая кніга, перакладзеная таленавітым перакладчыкам і паэтам Дзмітрыем Плаксам непасрэдна з мовы арыгіналу. Нядаўна Барыс Пятровіч вярнуўся са Швецыі, дзе паспяхова прайшлі прэзентацыі ягонай кнігі. Аб тым, як сустракалі беларуса ў Швецыі, што думаюць там пра Беларусь, пісьменнік распавёў карэспандэнту Litbel”.


-- Спадар Барыс, падзяліся першымі ўражаннямі ад сустрэчаў з патрабавальным шведскім чытачом?

 

-- Пад час гэтай паездкі, якая была арганізаваная выдаўцамі кнігі, адбылося 5 сустрэчаў, дзве з якіх прайшлі ў Стакгольме:  першая -- 20 кастрычніка ў Міжнароднай бібліятэцы Стакгольма, другая – у тэатры “Гільяціна”. На першай сустрэчы, дзе сабраліся збольшага літаратары, выдаўцы ды журналісты, я падзякаваў усім шведскім сябрам за іх шчырую цікаўнасць да Беларусі, якая апошнім часам прыкметна абудзілася. Справа ў тым, што ў верасьні ў Швецыі ў выдавецтве “Руін” выйшла кніга Васіля Быкава, з перакладам аповесьці, якая ў нас друкавалася ў “Дзеяслове” пад назвай “Афганец”, а ў Швецыі атрымала назву “Ветэран”. Пераклаў яе з расейскай мовы Нільс Хокансан і яна ўжо пасьпела атрымаць добрую прэсу ў Швецыі. Як пішуць тамтэйшыя  крытыкі, хаця назва нібыта адкідвае іх да твораў Быкава да часоў вайны – бо гэтае слова шведы ўспрымаюць у кантэксце другой Сусветнай вайны –  але, тым не меней,  Быкаў паўстае абсалютна новы, сучасны, ён піша пра Беларусь цяперашнюю, Беларусь таталітарную, пра тое як жыве сёння Беларусь.

 

А далей размова пайшла пра “Фрэскі”. Для такой краіны, як Швецыя, выданне фактычна яшчэ невядомага аўтара дастаткова высокім накладам каля тысячы асобнікаў з’ява неардынарная, тым больш, краіна параўнальная з Беларуссю: шведаў налічваецца 9 мільёнаў. У нас жа паэтычнія кнігі зараз выдаюцца накладам 300 – 500 асобнікаў. Мае “Фрэскі” – насамрэч проза лірычная, якая блізкая да паэзіі.

Цікава прайшла і сустрэча ў тэатры “Гільяціна”. Адна з найбуйнейшых шведскіх газетаў абрала гэтую падзею – прэзентацыю “Фрэсак” у тэатры “Гільяціна” ў межах прэзентацыі часопіса “00-ТAL” – адной з важнейшых і змясціла анонс у раздзел “Дзе трэба пабыць”. Таму на прэзентацыю сабралася больш за сто чалавек, што пагадзіцеся, нават для Беларусі незвычайна па сённяшнім часе.  Я чытаў свае творы па-беларуску, потым актрыса чытала іх у перакладзе па-шведску.

 

Наступныя сустрэчы прайшлі ў Мальмё, дзе дарэчы і размяшчаецца выдавецтва “Рамус”,  затым у Лундзе -- у знакамітым старадаўнім універсітэцкім цэнтры Швецыі, дзе была сустрэча са студэнтамі. Тут апроч размовы пра літаратуру былі і пытанні пра Беларусь увогуле, бо для маладых шведаў гэта абсалютна новая краіна.

Прычым, што вельмі цікава і важна, -- на усіх гэтых сустрэчах назва Беларусь гучала не Vitryska, як звычайна называюць Беларусь у Швецыі, а – Belarus, беларуская мова называлася як belarusiska, вядома, з папярэднімі тлумачэннямі. Гэта адбылося ўпершыню, і больш за тое, міжнародны сакратар Шведскага саюза пісьменнікаў Хенрык Энбом, які дарэчы напісаў да маёй кнігі цудоўнае пасляслоўе, паведаміў, што яны будуць дамагацца, каб назвы “Беларусь” і “беларуская мова” увайшлі ў шведскія энцыклапедыі і слоўнікі, і каб надалей Беларусь не блыталі з белай Расіяй. На жаль, такая блытаніна ў Швецыі мае месца. Шведы часам успрымаюць нас як снежную, альбо халодную правінцыю Расіі, а не як самастойную краіну. Гэта яшчэ адзін плён супрацоўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў і шведскага пісьменніцкага саюза.

Апошняя сустрэча была ў Гетэборгу, дзе ў гэты час адбываўся паэтычны фестываль, адзін з вядомейшых у Заходняй Еўропе, на якім збіраюцца прадстаўнікі буйнейшых краінаў. Гэтым разам, напрыклад, выступалі паэты са Злучаных Штатаў Амерыкі,  Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Францыі, Бельгіі. Мая афіцыйная прысутнасць сталася першым прадстаўленнем літаратара з краінаў Усходняй Еўропы. Увогуле, фестываль праходзіў вельмі цікава. Нашая размова йшла выключна пра літаратуру. Сустрэчу вяла вядомы крытык Ене Тунедаль, якая  да фестывалю азнаёмілася з  маёй кнігай і таму пытанні, часам вельмі сур’ёзныя, філасофскія, задавала толькі па творах.  Здаралася, было вельмі цяжка адразу, экспромтам, са сцэны на іх адказваць. Ну і, зразумела, Ене чытала фрэскі… Многія ўдзельнікі па выніках фестывалю адзначалі, што менавіта гэтая сустрэча, арганізаваная Ені Тунендаль, перакладчыкам Дзмітрыем Плаксам, і выдаўцом Пэрам Бергстромам, была найцікавейшай на фестывалі.

 

-- А як ты сам ацэньваеш вынікі гэтых прэзентацыяў?

 

-- Увогуле, калі казаць пра нейкія канкрэтныя вынікі творчай паездкі, адзначу, што  на развітанне выдавец Пэр Бэргстром паведаміў: у Швецыі, калі за першы год прадаецца 150 асобнікаў кнігі падобнай па змесце і фармаце -- гэта лічыцца выдатным вынікам, посьпехам. Толькі за чатыры дні маёй паездкі было прададзена 150 асобнікаў, а значыць, сказаў Пэр, праграму мінімум мы ўжо выканалі...

Дарэчы, сустрэчы з чытачамі звычайна ў Швецыі праходзяць не бясплатна. Скажам у Гетэборгу квіток на паэтычны фестываль у пятніцу каштаваў 60 кронаў, у суботу -- 100, у нядзелю – 120. Такім чынам, каб патрапіць на сустрэчу з беларускім пісьменнікам шведскі чытач мусіў заплаціць больш за 10 еўра. Ды і кніга каштуе не танна… Але пры гэтым да такіх сустрэчаў арганізатары рыхтуюцца грунтоўна: выдаюцца праспекты і буклеты, друкуюцца абвесткі ў аўтарытэтных выданнях, у інтэрнеце.

 

-- Апроч размовы пра літаратуру, якія тэмы яшчэ цікавілі найбольш  шведаў?

 

-- Цікавасьці сёньня ў Швецыі да Беларусі, да беларускай літаратуры, у пэўнай ступені спрыяе тое, што многія шведы добра інфармаваныя пра сітуацыю ў нашай краіне і добра ведаюць імя… Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, у Мальмё буйнешая рэгіянальная газета змясціла грунтоўнае інтэрв’ю са мной пра кнігу, пра літаратуру,  Але нават я, не разумеючы амаль нічога па шведску, змог прачытаць некалькі першых словаў ва ўрэзцы ад рэдакцыі: “Аляксандр Лукашэнка, дыктатар… і г.д.”. Вось такім чынам нас прадстаўляюць, такім чынам прэзідэнт спрычыняецца да прапаганды беларускай літаратуры ў сьвеце… Гэта іхняе разуменне сітуацыі, гэта словы, з якімі сёння часта атаясамліваецца ў свеце Беларусь. Але з большага, Беларусь для шведаў па-ранейшаму таямнічая краіна. Спадзяюся, што ў бліжэйшым часе шведы будуць называць Беларусь калі і таямнічай, дык з фантастычнай літаратурай. Дагэтуль тут ведалі Васіля Быкава, Святлану Алексіевіч, няхай і ў перакладах з рускай мовы. “Фрэскі” паклалі пачатак перакладам непасрэдна з мовы арыгіналу, што сталася магчымым дзякуючы вялікай працы перакладчыка Дзмітрыя Плакса. Сам ён сам выдатны паэт, прычым доўгі час займаецца перакладамі менавіта з рускай і беларускай моваў. Гэта ён перакладаў творы многіх нашых пісьменнікаў да Дзён літаратуры Швецыі ў Беларусі, якія у нас праходзяць цягам апошніх пяці гадоў, дзякуючы намаганням амбасадара Каралеўства Швецыі ў Беларусі спадара Стэфана Эрыксана. Хацеў бы дадаць, што Дзмітрый Плакс пераклаў на шведскую мову творы Данііла Хармса і гэта кніга вельмі прыязна была ўспрынята шведскім чытачом. Я цалкам давяраю ягонаму густу, майстэрству перакладчыка, таму ён сам падбіраў творы для перакладу.

 

- Ці можна спадзявацца, што пасля такой удалай прэзентацыі “Фрэсак” па-шведску, цікавасць да беларускай літаратуры тут вырасьце і кантакты літаратараў і перакладчыкаў нашых краін будуць пашырацца?

 

-- Як я сказаў, такое супрацоўніцтва існуе даволі даўно, і ў першую чаргу дзякуючы амбасадзе Швецыі ў Беларусі і асабіста амбасадару Стэфану Эрыксану і фотамастаку Марыі Сёдэрберг. Дні Швецыі ў Беларусі, якія ладзяцца штогод у нас, збіраюць разам пісьменнікаў абодвух краінаў і творы для такіх сустрэчаў перакладаюцца з мовы на мову і гучаць перад чытачамі, выдаюцца спецыяльныя двухмоўныя буклеты. За некалькі апошніх гадоў у такіх сустрэчах прыняло ўдзел большасьць вядомых беларускіх літаратараў. Скажам летась, такія сустрэчы адбыліся ў Полацку, Баранавічах, Лунінцы, а ўдзельнічалі ў “шведскіх” днях Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Віка Трэнас, Арцём Кавалеўскі.  З удзельнікаў папярэдніх сустрэчаў прыгадаю Уладзімера Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Віктар Жыбуля і Джэці, карацей, ёсць літаратары, якіх у Швецыі ўжо ведаюць, прынамсі знаёмства з іх творчасцю пачалося.

Што тычыцца перспектыў… Пад час маёй паездкі ладзіліся не толькі сустрэчы з пісьменнікамі і чытачамі. Мы сустракаліся таксама і з выдаўцамі. Былі канструктыўныя размовы ў часопісах, мы наведвалі буйнейшыя кнігарні. Дык вось, кіраўнік  аднаго з  выдавецтваў, ён жа дарэчы -- старшыня шведскага Пэн-цэнтру -- Бьёрн Лінэль паведаміў, што ў прынцыпе зацікаўлены ў беларускай літаратуры і выказаў жаданне працаваць далей з таленавітымі аўтарамі, а таму хацеў бы мець спіс з 30-ці цікавейшых літаратараў Беларусі, тых, якія могуць быць канкурэнтнымі і цікавымі для патрабавальнага шведскага чытача.

 

-- Барыс, а які ён, шведскі чытач?

 

-- Найперш ён свабодны і вольны ў сваім выбары. Яму аніхто нічога не навяжа, ён плоціць грошы толькі за тое, што яму самому падабаецца, што ён хоча набыць. Дарэчы, мяне здзівіла вялікая колькасць кнігарняў па ўсёй Швецыі. Здаецца, яны на кожным рагу… Асабліва ў Лундзе: мы прайшлі ад універсітэту да вакзалу менш за кіламетр і я налічыў больш за пяць буйных кнігарняў. І ўсюды: у метро, у цягніку шведы чытаюць, у многіх на каленях кампутар: чытаюць і пішуць… У Швецыі штогод кніг мастацкай літаратуры выходзіць каля 1500 назваў. Паверце, вельмі лёгка сярод такой колькасьці загубіцца, цяжка ўсплыць і быць заўважаным. Працуюць сотні невялікіх выдавецтваў, выходзяць сотні культуралагічных часопісаў. Каб пачаць сваю справу: выдаваць кнігі альбо часопіс,  нічога апроч жаданьня не трэба. Больш за тое, у буйнейшых гарадах – Стакгольме, Гётэборгу, Мальмё ёсьць спецыяльныя творчыя майстэрні, якія фінансуюцца дзяржавай,  куды можа прыйсьці любы чалавек і там дапамогуць рэалізаваць яго ідэю. Там ёсьць тэхніка і спецыялісты, якія дапамогуць выдаць часопіс, а калі ён атрымае папулярнасьць, то далей дзяржава будзе яго фінансаваць. І не трэба цяжкіх працэдураў рэгістрацыі, ліцэнзаваньня, пошукаў юрыдычнага адрасу…

Але вернемся да літаратуры і аб’ектыўнасці крытыкі: у Шведскім саюзе пісьменнікаў ёсць аддзяленні прозы, паэзіі,  дзіцячай літаратуры, але, у адрозненне ад нас, няма секцыі крытыкі і літаратуразнаўства. Гэтую функцыю практычна выконваюць журналісты.  Крытыкі працуюць журналістамі ў газетах, дзе амаль у кожнай ёсьць аддзел калі не літаратуры дык культуры. А таму рэклама рэкламай, а крытыкі там больш незалежныя, ім вельмі складана навязаць нешта. Тое, што яны прачыталі, што заўважылі, пра што напісалі – гэта не можа быць арганізавана, скажам, з дапамогай выдавецтваў або нейкіх зацікаўленых асобаў. Найчасьцей гэта іх асабістае меркаванне.

 

-- Дзякуй за гутарку і новых цікавых прэзентацый табе!

Ул.інф. 


         Зваротная сувязь         Гісторыя         Статут         Структура
© Распрацоўка сайта Ambershell