Саюз беларускіх пісьменнікаў – самая сталая творчая арганізацыя Беларусі (гады заснавання – 1933-1934). Яе ранейшая назва – Саюз пісьменнікаў БССР і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Прафесійная, добраахвотная няўрадавая грамадская арганізацыя беларускіх пісьменнікаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці Рэспублікі Беларусь, спрыяе развіццю і прапагандзе беларускай літаратуры і мовы. Саюз пісьменнікаў створаны з мэтамі абароны творчых правоў, прафесійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, забеспячэння ўмоў для практычнай рэалізацыі свабоды слова і друку, аховы творчай спадчыны.
Ад часу стварэння Саюз пісьменнікаў працаваў, дбаючы, у першую чаргу, пра культуру краіны. За развіццё нацыянальнай культуры і папулярызацыю беларускай літаратуры сябры Саюза пісьменнікаў ушаноўваліся дзяржавай: 19 сябрам СП было прысвоена званне Народных пісьменнікаў і паэтаў; 3-ом – Народных артыстаў; 41-му – заслужаных дзеячоў культуры Беларусі; 10-ці – заслужаных дзеячоў навукі. Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі сталі 101 сябра арганізацыі; 4-ры літаратары маюць пажыццёвы статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Дзесяткі сяброў Саюза абіраліся народнымі дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Саюз пісьменнікаў аб’ядноўваў і аб’ядноўвае акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай Акадэміі навук, дактароў і кандыдатаў навук.
Грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” (СБП) дзесяцігоддзі з’яўляецца фарпостам змагання за нацыянальную самабытнасць краіны, яе дэмакратызацыю, нястомна адстойвае правы аўтараў на свабоду выказванняў і думання.
Магутны інтэлектуальны патэнцыял арганізацыі паспрыяў усталяванню ў краіне шматлікім грамадскім аб’яднанням і рухам: - “Мартыролаг Беларусі”, Беларускі Народны Фронт; Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада; Таварыства беларускай мовы; Рада беларускай інтэлігенцыі і інш.
Саюз беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца ядром нацыянальнай інтэлігенцыі, паколькі ён аб’ядноўваў і аб’ядноўвае самых вядомых грамадзян Рэспублікі Беларусь. Да дзейнасці Саюза пісьменнікаў сваім жыццём і творчасцю спрычыніліся такія яго сябры, як Купала і Колас, Чорны і Крапіва, Лынькоў і Броўка, Танк і Куляшоў, Панчанка і Макаёнак, Скрыган і Мележ, Караткевіч і Адамовіч, Быкаў і Шамякін, Брыль і Навуменка, Барадулін і Гілевіч, дзесяткі іншых па-сусветнаму значных творцаў.
Пісьменніцкія з'езды, пасяджэнні Рады СБП маюць шырокі розгалас, прынятыя рашэнні і рэзалюцыі скіраваны на адстойванне свабоды слова, падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў у розныя гады былі Максім Клімковіч, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Васіль Зуёнак, Уладзімір Някляеў, Вольга Іпатава З 2002 года яго ўзначальвае Алесь Пашкевіч.
Незалежніцкая пазіцыя грамадскага аб’яднання на працягу апошніх 12 гадоў выклікае рэпрэсіі з боку тых, хто ажыццяўляе ўладу ў Беларусі. У 1997 годзе ў СБП распараджэннем кіраўніка Беларусі быў адабраны Дом літаратара (уласнасць арганізацыі), а ў 2006 годзе аб’яднанне было гвалтоўна выкінута з займаемага памяшкання ў згаданым доме і пазбаўлена юрыдычнага адраса. А яшчэ раней у 2002 годзе ў СБП былі адабраны літаратурна-грамадскія перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх ён з’яўляўся. На гэтай базе была створана дзяржаўная Рэспубліканская выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва” (так званы холдынг), а нелаяльныя рэдактары і супрацоўнікі – звольнены з працы.
У апошнія гады СБП уцягнуты ў судовыя разбіральніцтвы. Найбольш гучнай справай быў працэс у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, распачаты па позве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, накіраванай на ліквідацыю аб’яднання вясной гэтага года. Саюз беларускіх пісьменнікаў выстаяў, судовая справа была выйграна, што дае права арганізацыі дзейнічаць легальна.
Яшчэ адным абуральным прыкладам з’яўляецца скасаванне ў гэтым годзе са школьных праграм па беларускай літаратуры некаторых твораў сяброў СБП як “нацыяналістаў”. Цяпер у СБП уваходзіць больш за 540 сяброў, членства ў арганізацыі пастаяння пашыраецца з ліку тых літаратараў, якія шчыра рупяцца пра лёс бацькаўшчыны і нацыянальнай літаратуры і культуры. За мінулыя чатыры гады ў секцыі прозы, паэзіі і крытыкі паступіла больш за 300 заяў ад літаратараў аб прыёме ў Саюз. Больш за 120 заяў былі задаволены прыёмнымі камісіямі, у склад якіх уваходзяць самыя вядомыя пісьменнікі Беларусі. Грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” годна выконвае ролю грамадскага Інстытута літаратуры.
У Вільнюсе 22 снежня адбылася прэзентацыя унікальнага чатырохмоўнага альманаху паэзіі “У каралеўскіх далонях” (“Karalių delnuose“). Змест гэтага мастацкага выдання склалі вершаваныя творы і пераклады, а таксама фотапрацы ўдзельнікаў творчага пленэру, які адбыўся напачатку чэрвеня ў літоўскіх Друскеніках. У гэтым годзе ў пленэры ўдзельнічалі чатыры краіны – Літва, Польшча, Украіна і Беларусь. Беларускі бок на паэтычным форуме прадстаўлялі Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Сяржук Сыс, Аксана Данільчык, а таксама перакладчык і музыкант Алесь Мікус. Прэзентацыі, што прайшла 22 снежня ў будынку Саюзу літоўскіх пісьменнікаў, папярэднічала фотавыстава з Друскенінскага пленэру.
Прыемным перадкалядным падарункам для паэтаў Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна стаў выхад у свет чарговага нумара літаратурна-культурніцкага альманаха “Baltija”. Гэта — выданне літоўскіх літаратараў Клайпеды. А ягоным рэдактарам з’яўляецца малады літоўскі паэт і перакладчык Дайніус Сабецкіс. Менавіта ў перакладах Дайніуса Сабецкіса і загучалі па-літоўску вершы беларускіх паэтаў.
Літаратурныя навіны і падзеі
Паэзія Сяржука Сыса
Урывак новай аповесці Алеся Рыбака
Вершы Міколы Трафімчука і Адама Шостака
«Дыскурс»: абмеркаванне кнігі Валерыя Казакова «Цень гобліна»
а таксама іншыя кніжныя навінкі
Паэзію ў новым нумары “Дзеяслова” прадстаўляюць: Ніл Гілевіч. “Як Бог на небе…” Вершы розных гадоў; Віктар Ярац. “Зямля і неба”. Паэма і вершы; Сяржук Сыс. “Вецер з Балтыкі”. Вершы; Віктар Жыбуль. “Завугольле экзістэнцыі”. Вершы з кнігі «Стапэліі»;
Аксана Спрынчан. “Цяжарнасьць і лёгкасьць Быцьця...” Вершы.
