БЕЛ » Чытальня » Вольга Іпатава: Праблема сумлення …

Паэзія “ У каралеўскіх далонях”

У Вільнюсе 22 снежня адбылася прэзентацыя унікальнага чатырохмоўнага альманаху паэзіі “У каралеўскіх далонях” (“Karalių delnuose“). Змест гэтага мастацкага выдання склалі вершаваныя творы і пераклады, а таксама фотапрацы ўдзельнікаў творчага пленэру, які адбыўся напачатку чэрвеня ў літоўскіх Друскеніках. У гэтым годзе ў пленэры ўдзельнічалі чатыры краіны – Літва, Польшча, Украіна і Беларусь. Беларускі бок на паэтычным форуме прадстаўлялі Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Сяржук Сыс, Аксана Данільчык, а таксама перакладчык і музыкант Алесь Мікус. Прэзентацыі, што прайшла 22 снежня ў будынку Саюзу літоўскіх пісьменнікаў, папярэднічала фотавыстава з Друскенінскага пленэру. Далей

Baltija — 2008

Прыемным перадкалядным падарункам для паэтаў Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна стаў выхад у свет чарговага нумара літаратурна-культурніцкага альманаха “Baltija”. Гэта — выданне літоўскіх літаратараў Клайпеды. А ягоным рэдактарам з’яўляецца малады літоўскі паэт і перакладчык Дайніус Сабецкіс. Менавіта ў перакладах Дайніуса Сабецкіса і загучалі па-літоўску вершы беларускіх паэтаў. Далей

Літаратурная Беларусь №25

Літаратурныя навіны і падзеі Паэзія Сяржука Сыса Урывак новай аповесці Алеся Рыбака Вершы Міколы Трафімчука і Адама Шостака «Дыскурс»: абмеркаванне кнігі Валерыя Казакова «Цень гобліна» а таксама іншыя кніжныя навінкі Усе нумары › › ›

Дзеяслоў №36

Паэзію ў новым нумары “Дзеяслова” прадстаўляюць: Ніл Гілевіч. “Як Бог на небе…” Вершы розных гадоў; Віктар Ярац. “Зямля і неба”. Паэма і вершы; Сяржук Сыс. “Вецер з Балтыкі”. Вершы; Віктар Жыбуль. “Завугольле экзістэнцыі”. Вершы з кнігі «Стапэліі»; Аксана Спрынчан. “Цяжарнасьць і лёгкасьць Быцьця...” Вершы. Усе нумары › › ›

Вольга Іпатава: Праблема сумлення …

Гісторыя з Рыгорам Барадуліным узбударажыла пэўную частку грамадства. Трапіў народны паэт Беларусі “дзядзька Рыгор”, як ласкава-шаноўна называюць Рыгора Барадуліна, у бальніцу, а грошай на лячэнне – няма. Выдавецтвы плацілі аўтару ганарары часткай накладу. А як чалавеку ў гадах прадаваць гэтыя кнігі?.. Таму журналісту Глебу Лабадзенку прыйшла ў галаву думка зьвярнуцца да людзей з прапановай набываць кнігі Рыгора Барадуліна з аўтографам народнага паэта. Хто колькі заплаціць. За першыя два дні каля сотні чалавек абвясьцілі праз электронную пошту пра жаданьне ахвяраваць на Барадуліна. Да прыкладу, адна пэнсіянэрка прапанавала сто тысяч рублёў. Грамадзянін Польшчы прапанаваў 100 эўра за дзьве кнігі. У асноўным людзі прапануюць ад 50 да 100 тысяч рублёў. За дзень сума склала два мільёны.Ужо не першы раз Рыгор Барадулін трапляе ў шпіталь. Трэба лекі, трэба адпачынак. Сціплая пенсія паэта абмяжоўвае старога чалавека...Можна толькі парадавацца за нас, што засталіся яшчэ людзі, для каторых чужы боль – як свой. Брыдка толькі, што гэтая ўлада кідае на вырак лёсу людзей, чые імёны прыносяць славу і гонар любой дзяржаве…

Як такое магчыма ў нашай краіне? Гутарка – з пісьменніцай і паэткай, былым старшынём Саюза беларускіх пісьменнікаў Вольгай Іпатавай.

 
-Вольга Міхайлаўна, гісторыя з Рыгорам Барадуліным, паэтом ад Бога, які трапіў у лякарню, знаходзячыся ў фінансавай нявыкрутцы, трэба думаць, характэрная для беларускага пісьменніцтва. Друкарні плоцяць “ганарары” жывымі кнігамі, а то й за друк трэба плаціць. Дзе і як пісьменнікі шукаюць спонсараў? Як у гэтым сэнсе жывецца беларускаму пісьменніку, не прыласканаму ўладай?

 

- Тое, што такі “паэт ад Бога”, як Рыгор Барадулін, не мае грошай на лекі ( яны ў нас невымерна дарагія), гаворыць толькі пра адно: гэтая ўлада не клапоціцца пра літаратуру, больш таго, яна сваёй палітыкай прыгнечвання нацыянальнай мовы не дае беларускаму пісьменніку выйсці да чытача і, адпаведна, адбірае ў гэтага пісьменніка магчымасць існаваць без дзяржаўных субсідый. Памятаю, у першыя гады Адраджэння ў кнігарнях не хапала кніг, каб задаволіць попыт зацікаўленых( я кажу пра добрую літаратуру). Нават Іван Шамякін, які не шкадаваў ласкавых слоў для ўлады, не меў магчымасці выдавацца, нават яго не хацелі слухаць, калі ён і пісаў, і казаў пра жахлівы стан нацыянальнай мовы...Калі дзеці ў школах часам не разумеюць, што такое “прозвішча”( гэта калі пытаешся, даючы аўтограф), то як жа яны будуць чытаць гэтыя самыя кніжкі?

Як не прыласканыя ўладай пісьменнікі шукаюць спонсараў? Спачатку скажу, што нават у “прыласканых” ёсць вялікія праблемы з рэалізацыяй надрукаваных у дзяржаўных выдавецтвах кніг. Прычына тая самая: калі беларуская мова па колькасці гадзін ў нашых школах у чатыры разы саступае, да прыкладу, ангельскай ( а то, апошнім часам, і кітайскай), то адкуль возьмуцца чытачы? Я не супраць іншых моў – чым болей іх ведаеш, тым больш спасцігаеш душу таго ці іншага народа, але ж якая мова павінна вывучацца ў Беларусі найперш?

Што тычыць становішча пісьменнікаў, што не сталі на калені перад уладай, то магчымых іхніх спонсараў таксама стараецца застрашыць гэтая самая ўлада. Таму ў бальшыні – на свой кошт, адабраўшы ад сям’і, ад свайго здароўя, пісьменнік выдае кнігу, з якой чытачу вельмі цяжка сустрэцца па самых розных прычынах: у афіцыйным друку нас не ўзгадваюць, неафіцыйны друк мае таксама вялікія перашкоды. Ратуюць справу незалежныя прадпрымальнікі, што маюць ліцэнзіі на продаж літаратуры. Зусім як у царскія часы кніганошы, яны неяк наладжваюць невялікі збыт кніг самым адданым чытачам, якія і самі шукаюць, дзе і як можна дастаць новую кнігу. Вельмі дапамагае радыё “Свабода”.

 
-Як увогуле беларускім пісьменікам удаецца выдаваць свае кнігі? Абмалюйце гэтую схему. Калі мяне не падводзіць памяць, то за кнігу трэба спачатку заплаціць, затым - самастойна распаўсюдзіць, бо дзяржаўныя кнігарні не бяруць на рэалізацыю...

 

- Усё адбываецца менавіта так, як Вы кажацеі. Аднак не пра ўсе схемы можна сёння і расказаць. Не тое каб у іх было штосьці незаконнае, але навошта падводзіць людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах і стараюцца як мага больш дапамагчы загнанаму ў падзямелле беларускаму пісьменніку – наколькі дазваляюць іхнія магчымасці? Нездарма ў час выступленняў мяне не раз прасілі, каб я не ўзгадала ў друку, дзе і калі выступала ці як яны мне дапамаглі з рэалізацыяй маіх кніг. Адно скажу: каб не было такіх людзей, я , можа, і зусім бы зняверылася ў сваім народзе, вырашыўшы, што сапраўды ён, як пісалі папярэднікі,” цёмны, сляпы, нібы крот.” Аднак жа мае вандроўкі паказалі , што і сам сённяшні творца мусіць ісці насустрач сваім магчымым чытачам, выхоўваць іх, і, нягледзячы ні на што, узгадваць пра гонар і славу народа, выпраменьваць веру ў яго будучыню...

 
-Вольга Міхайлаўна! Гаротнае фінансавае становішча не толькі ў Рыгора Іванавіча; відаць, усе таленавітыя творцы, асабліва сталага веку, хто не мае прыработку і не ў стане яго мець, апынуліся ў фінансавай нявыкрутцы. Хто яшчэ з літаратараў мае найбольш пільную патрэбу ў дапамозе?

 

- З майго боку было б вельмі непрыгожа называць нейкія прозвішчы. Шмат у каго ёсць дзеці, якія ў стане дапамагчы бацькам. Нехта не мае вялікай патрэбы ў леках , якія сапраўды часам абсалютна “непад’ёмныя”. Варта сканцэнтраваць увагу не на тым, хто мае гаротны стан, а вось на чым: усе літаратары, якія не пабеглі ў Саюз пісьменнікаў “другога разліву”(прабачце, мне напісаў гэтак адзін з чытачоў, і я вельмі смяялася дасціпнасці гэтага аматара прыгожага беларускага пісьменства), дык вось, усе яны вельмі добра ўсведамлялі, што кожнага з нас пастараюцца прымусіць за гэта заплаціць . Вось мы і плацім – здароўем, а падчас і жыццём, бо колькі за гэты час пайшло з жыцця маладых і таленавітых! Плацім усімі тымі жахлівымі акалічнасцямі, якія нам дастаюцца і пра якія мы зараз разважаем. Таму я так шаную маіх дарагіх калег, якія ведалі – і не здаліся. І цяпер таксама – ведаюць, але не здаюцца. Той – сёй усё ж перабягае, гэта праўда, аднак такіх – адзінкі.

 
-Ці можна неяк выправіць гэтую сітуацыю?

 

- Сітуацыя выправіцца сама, калі прыдзе па-сапраўднаму нацыянальная ўлада, а не “временщики.” Бо што сталася з людзьмі, якія на пачатку Адраджэння былі міністрамі альбо ўплывовымі асобамі, якія самі маглі нешта рашаць і вырашалі нам карысць інтарэсаў маладой беларускай дзяржавы? Іх альбо адразу ж выкінулі, альбо сагнулі, выкарысталі і зноў жа выкінулі – я маю на ўвазе такіх людзей, як Васіль Стражаў. Я памятаю яго мілым, ветлівым і разумным. Ён быў адэкватны сам сабе. А што сталася пасля? З чым будзе цяпер назаўсёды звязанае ягонае імя? З уціскам і прыгнётам роднай мовы? З рэпрэсіямі супраць вольнадумных настаўнікаў? І такі ён не адзін. Маніторынг усіх тых здзекаў, якія перацярпелі за гэтыя гады людзі, што не жадалі скарыцца няпраўдзе і русіфікацыі, вядзецца – нездарма так прагнуць знішчыць нешматлікія незалежныя выданні. І будуць названыя многія імёны, і Час сапраўды паставіць усё на месцы.

Слова – гэта вялікая сіла. Як ні старался савецкая ўлада, напрыклад, прымусіць змоўчаць тую ж эміграцыю – там, за мяжой, выдаваліся кнігі і артыкулы, якія вяртаюцца сёння пакуль што толькі да інтэлігенцыі, але яны ўсё роўна вяртаюцца!

Да таго ж, мяняецца і сам свет. Аказваецца, што і ўладзе сёння патрэбны станоўчы імідж у свеце. Не абышлося быць у ізаляцыі, як думалася. Так што раптам стукне сённяшняму кіраўніцтву ў галаву: ужо ж не раз бывала, што выганялі, як калісьці ў Расіі, культуру і літаратуру ў падполле, замоўчвалі яе – а яна вярталася, ды з якім трыюмфам! Дык ці не варта ўсё ж ўзяцца за тое, што амаль абарвалася недзе з 1995 года – вяртанне нацыянальных школаў і ўніверсітэтаў, свабода незалежнага друку, клопат пра нацыянальную літаратуру – усю, а не лаяльна-угодніцкую?

Справа ў тым, што мы ўсё роўна выстаім – колькі б яны ні стараліся... Забараняюць выступаць перад чытачамі, адабралі Дом літаратараў, давялі да галечы выдатных творцаў (не толькі пісьменнікаў, варта ўзгадаць сусветна вядомага рэжысёра І. Дабралюбава). Але некалі перад паказам яго фільмаў кіназнаўцы будуць расказваць, што з ім было, як было тое, чаго быць у цывілізаванай краіне не павінна...

 
-Зразумела, што члены Саюза пісьменнікаў Беларусі не маюць падобных праблемаў – яго “крышуе” ўлада…

 

- На мой погляд, у іх ёсць самая вялікая праблема, якая толькі можа быць у творца – праблема сумлення. Калі сумленне гаворыць адно, а ты пішаш зусім другое – дзеля здабытку, славы ці іншых даброт—талент драбнее, а потым і зусім пакідае чалавека. Калі твой народ яшчэ ў будучых пакаленнях будзе пакутаваць ад чарнобыльскай радыяцыі, а ты радасна пішаш пра слаўныя здабыткі ад АЭС , як нядаўна напісаў мой былы калега – ты хлусіш сам сабе. Калі ты бачыш, што гіне мова, а ты ўсхваляеш вялікі дзяржаўны клопат пра яе – ты здраджваеш таму, што даў табе Бог. Калі твой геніяльны калега (такі, як Рыгор Барадулін) не мае грошай на лекі, а ты не пратэстуеш супраць сістэмы, якая давяла яго да гэтага – ты не творца, а паслугач.

 
-Ці ёсць сёння ўвогуле нейкія стасункі між двума саюзамі: незалежным Саюзам беларускіх пісьменнікаў і падуладным СПБ?

 

- Ведаеце, там ёсць таленавітыя людзі, якія пакутуюць ад становішча, што склалася. Яны аказаліся слабыя духам і не змаглі, як, напрыклад, Эдуард Акулін ці Міхась Скобла, пакінуць месцы ў рэдакцыях і сысці у знак пратэсту супраць гвалту, які ў 2002 годзе ўчынілі над выданнямі Саюзу пісьменнікаў і самым Саюзам. Яны таксама разумеюць усё супрацьзаконне, якое робіцца у адносінах да іхніх былых калегаў. Мне здаецца, што калі пройдзе не так шмат часу і нешта зменіцца, яны “узарвуць” гэты творчы саюз “другога разліву,” бо там нахапалі столькі людзей выпадковых і неталенавітых, што быць разам з імі сур’ёзнаму літаратару не выпадае. Калі ж на нашым жыцці нічога не зменіцца, застаецца спадзявацца на будучыню, якая расставіць усё па сваіх месцах.

 
-Калі ж сонца праблісне?

- Я ніколі не была пессімісткай і таму, нягледзячы ні на што, жыву спакойна. Мяне не мучыць сумленне, я ўсё ж маю магчымасць пісаць і калі –нікалі друкавацца ў лепшым літаратурным часопісе ў краіне – маю на ўвазе “Дзеяслоў.” У мяне ёсць чытачы, якія мне не здраджваюць. Яны ёсць у кожнага з тых, хто служыць свайму народу і піша так, як падказвае яму душа, а не ўлада.

Так што сонца ўсё роўна ўстае кожны дзень, і трэба радавацца кожнаму дню, калі ты змог сесці і напісаць хаця колькі радкоў.

Крыху пра ўласнае.

-У мяне ў “Дзеяслове” выйшла першая частка рамана “Знак Вялікага магістра.” Праз паўтара гады—7 ліпеня 2010 г. будзе 600-годдзе найвялікшай вайсковай славы беларусаў (разам з палякамі перамога ў Грунвальдскай бітве). За мінулы год выйшла кніжка маіх падарожжаў “Свабода да апошняга дыхання”, дзе я апісала месцы пахаванняў нашых герояў і змагароў ( мала што захавалася, расейскі імперыялізм і сталінскі таталітарызм знішчалі нашую памяць напоўніцу). Так што я як бы ня “сплю ў шапку.”

Гутарыў Рыгор Буян


         Зваротная сувязь         Гісторыя         Статут         Структура
© Распрацоўка сайта Ambershell